Як выкласці аўдыякнігу

Гэты гайд распавядае пра тое, як лепей распаўсюдзіць аўдыякнігу на беларускай мове.

Калі ў вас ужо ёсць запісаная кніга, мажліва, вы думаеце, у якім фармаце яе лепей прапанаваць шырокай публіцы? Трэба памятаць, што аўдыякнігі адрозніваюцца ад музыкі, і для камфортнага праслухоўвання патрабуецца адмысловае прыкладанне. Акрамя функцыі прайгравання файлаў, яно павіннае ўмець:

  • запамінаць пазіцыю праслухоўвання;
  • мяняць хуткасць праігравання; часта кнігі зручней слухаць з хуткасцю 1.5х альбо 2х (у залежнасці ад кнігі і персанальнага густу).
  • запускаць праслухоўванне ў аўтаномным рэжыме.

Таксама трэба прыняць рашэнне, ці выкладаць кнігу платна, ці бясплатна. Улічвайце, што платныя кнігі абмяжоўваюць дыяпазон пляцовак.

Вось колькі спосабаў:

MP3 файлы

Сама просты спосаб - выкласці mp3 файлы ў любым куточку інтэрнэта. Ахвочыя могуць слухаць файлы ў браўзеры альбо спампаваць іх і выкарыстоўваць прыкладанне для аўдыякніг.

У гэтага спосаба ёсьць істотны мінус - ён вымагае шмат працы ад карыстальніка: спампаваць дзясяткі файлаў, скласьці іх у папку ды імпартаваць у прыкладанне зойме пэўны час, што можа адштурхнуць частку слухачоў.

Тым ня менш, гэткім чынам выкладзеныя кнігі на Беларускай Палічцы, Камунікаце і гугл-дыску Мінінафарма.

Зразумела, кнігі выкладаюцца бясплатна.

YouTube

Кнігу таксама можна выкласці ў YouTube - альбо адным відэа, альбо разбіць на колькі частак ды зрабіць плэйліст. Гэта, магчыма, найбольш проста для слухача - бо практычна кожны мае доступ да ютуба. Таксама YouTube падтрымлівае функцыю змены хуткасці праігравання і запамінае месца праігравання.

Мінусы:

  • кнігі магчыма слухаць толькі пры адкрытым прыкладанні (а гэта значыць, не атрымаецца зрабіць гэта на хадзе, калі зручна трымаць тэлефон у кішэні);
  • афіцыйна забаронена спампоўваць кнігі, калі толькі карыстальнік ня мае YouTube Premium (даволі мала з беларускіх слухачоў маюць YouTube Premium).

На ютуб выкладаюць кнігі Купалаўцы і БЛР#Аўдыякніга.

Прыемна адзначыць, што YouTube можа плаціць за прагляды відэа. Але, на нашую думку, сума будзе невялікай: YouTube арыентаваны на больш частыя прагляды больш кароткіх відэа вялікай колькасцю людзей.

SoundCloud

Аўдыяфайлы выкладаюцца на платформу SoundCloud, прызначаную адмыслова для праслухоўвання гукавай інфармацыі, і затым збіраюцца ў плэйліст.

Мінусы:

  • SoundCloud арыентаваны на музыку, таму ён не запамінае месца праігравання файла.
  • Няма магчымасці кантраляваць хуткасць.
  • Каб выкласці кнігу, што прайграецца даўжэй за тры гадзіны, трэба набываць Pro Unlimited акаўнт, які каштуе 15$/месяц.

Гэтым спосабам выкладаюць кнігі "Радыё Свабода" і Беларускі ПЭН-цэнтр.

Кнігі слухаюць бясплатна, але з рэкламай. І нават атрымліваць з гэтага нейкі прыбытак.

Падкасты

Падкасты вельмі падобныя да аўдыякніг, а прыкладанні для падкастаў, у сваю чаргу, маюць функцыі, патрэбныя для праслухоўваньня аўдыякніг. З падкастаў карыстаецца вялікая колькасьць людзей, таму, калі зрабіць кнігу даступнай на буйных падкаст-пляцоўках, слухачы змогуць лёгка знайсці яе ў адпаведным прыкладанні.

Мінус падкастаў - яны патрабуюць больш працы для выкладання кнігі.

Падчас публікацыі галоўнае выбраць, дзе размяшчаць файлы. Звычайна падкаст-хостэры платныя. Але ёсць і бясплатныя - напрыклад, anchor.fm. Таксама мы хосцім некаторыя аўдыякнігі ў падкастах. Можам дапамагчы з хосцінгам вашай кнігі - для гэтага напішыце нам на contact@audiobooks.by.

Кнігі выкладаюцца бясплатна.

Кніжны Воз

Кніжны Воз - адмысловы праэкт, які запісвае аўдыякнігі на беларускай мове, пераважна для дзіцей і падлеткаў. Мае ўласнае прыкладанне для праслухоўвання кніг.

Калі Вы ня супраць выкласці сваю працу бясплатна - напішыце Кніжнаму Возу, напрыклад, праз Facebook.

Крамы аўдыякніг

Асноўны варыянт распаўсюджвання камерцыйных аўдыякніг - праз адмысловыя крамы: Audible, Bookmate, ЛитРес, Kobo і г.д.

Галоўная праблема гэтага спосаба - крамы звычайна працуюць з буйнымі выдавецтвамі альбо дыстрыб’ютарамі, выкласці кнігу індывідуальна немагчыма. Другая праблема палягае акурат у тым, што няшмат крамаў падтрымліваюць беларускую мову.

На дадзены момант мы знайшлі толькі адзін спосаб выкласці індывідуальныя кнігі ў крамы аўдыякніг - праз дыстрыб'ютар Findaway Voices. Вы запампоўваеце кнігу на ягоны сайт, а пасьля яе дасылаюць у розныя крамы.

На дадзены момант праз Findaway Voices кнігі на беларускай мове трапілі у наступныя крамы:

Сайт дазваляе прызначаць цану кнігі або зрабіць яе бясплатнай.

Каб выкласці кнігу, трэба стварыць акаўнт - а падчас рэгістрацыі давядзецца падаваць звесткі ў тым ліку і пра падаткі. Мы не спрабавалі, але верагодна, што стварыць акаўнт з Беларусі немагчыма. Знаходзячыся за межамі краіны, мы можам дапамагчы выкласці кнігу праз наш акаўнт. Пішыце нам на contact@audiobooks.by

Кнігі можна выкладаць як платна, так і бясплатна.

Дзе ж лепей?

Было бы цудоўна, каб існавала адзінае мабільнае прыкладанне, на якім сабраныя ўсе беларускія аўдыякнігі. Але ў рэальнасці гэта наўрад ці адбудзецца.

Беларусы сёння жывуць паўсюль: ня толькі на радзіме, але таксама ў розных краінах Еўропы, Амерыкі, Азіі... Кожны карыстальнік сутыкаецца з лакальнымі прыкладаннямі. Таму выдаўцы аўдыякніг мусяць выпускаць сваю прадукцыю максымальна даступнай, для як мага большай колькасці пляцовак.

Бясплатныя кнігі мы рэкамендуем выкладаць у падкасты, але таксама і ў крамы аўдыякніг. Платная ж - выключна ў крамы аўдыякніг.

Паколькі гэты гайд створаны з персанальнага досведу, хутчэй за ўсё, мы маглі прапусціць якія іншыя пляцоўкі ці шляхі распаўсюджвання аўдыякніг. Вы хаціце нешта дадаць ці выправіць? Калі ласка, напішыце нам на contact@audiobooks.by.