У беларускага замежжа — доўгая гісторыя і багатая традыцыя. Лёндан займае асаблівае месца ў гэтай гісторыі: тут друкаваў кнігі Ян зь Літвы, прыдумаў «ŭ» Аляксандар Рыпінскі, ствараў багатую літургічную спадчыну а. Аляксандар Надсан. У Лёндане зьявілася першая англамоўная гісторыя беларускай літаратуры і першая англамоўная анталёгія беларускай паэзіі. Больш за 50 гадоў тут існуе Скарынаўская бібліятэка — унікальны цэнтар захаваньня і разьвіцьця беларушчыны на захадзе.
Выдавецтва “Скарына” было створанае групай аднадумцаў у 2022 годзе, каб працягваць і ўзбагачаць гэтую традыцыю, адлюстроўваць патэнцыял беларускага замежжа, і наладжваць сувязі паміж аўтар-к-амі і чытацтвам у Беларусі і за яе межамі. У сучасным сьвеце шляхі культуры не павінны абмяжоўвацца дзяржаўнымі межамі, таму мы выдаем кнігі, каб адукоўваць, яднаць і мацаваць нашую нацыянальную супольнасць, і папулярызоўваць беларускую культуру па ўсім свеце.
Нашымі прынцыпамі мы бачым асьветніцтва — жаданьне казаць непрамоўленае або — наўмысна ці ненаўмысна — забытае, а таксама захоўваць, распаўсюджваць і памнажаць традыцыі і дасягненьні, што ўзьніклі ў беларускім замежжы; супраціў цэнзуры і абмежаваньням свабоды творчасьці, каб быць пляцоўкай для вольнага абмену думкамі; і сучаснасьць — ствараць і выдаваць кнігі па-новаму, тут і цяпер, каб яны разьляталіся па ўсім беларускім сусьвеце і жылі доўгім жыцьцём.