Алесь Плотка (Baisan) – літаратар і музыка, франтмэн гурта Sož і праекта Baisan&Yasinski. Лаурэат літаратурных прэмій, вершы перакладаліся на шэраг еўрапейскіх моваў.
Аўтар кніг паэзіі «Байсан», «Лотас на асфальце» і Bloodlands 20/22 Belarus/Ukraine. Пераклаў з украінскай кнігі Юрка Іздрыка «Папяросы» і Івана Сэмесюка «Прыгоды павіяна Томаса», з рускай – кнігу Аляксандра Чарнухі «Свінні». Актыўны і паслядоўны удзельнік беларуска-украінскага культурнага дыялогу. Прыбыткі з кнігі Bloodlands 20/22 Belarus/Ukraine пайшлі на карысць рэабілітацыйнага цэнтра «Ланка».
Піянер «лічбавай паэзіі». Разам з Уладам Бубенам і Леанідам Нарушэвічам выдаў шэраг музычных альбомаў, у тым ліку агучыў творы беларускага расстралянага адраджэння: альбомы «1937» на вершы паэтаў трыццатых і «З нажом на Сонца» паводле паэмы Тодара Кляшторнага.
Як аўтар тэкстаў і перакладчык супрацоўнічаў з беларускімі, ўкраінскімі і амерыканскімі гуртамі: «Воплі Відоплясова», GodsTower, «Пирятин», Naka, Sciana, Atesta, «СразуМай», Slavalachia і інш. Арганізатар чытання і трансляцыі знойдзенага праз 80 гадоў перакладу «Анегіна» (2017), прадусар відэакліпа «Беларусіца», адзін са стваральнікаў брэнда «Будзьма!».